Хлеб - гэта жыццё!
Менавіта так казалі ў даўнiну аб прадукце, без якога цяжка ўявіць жыццё людзей. Хлеб - сімвал працы, мудрасці, добразычлівасці, міралюбнасці, дабрабыту і шчасця. Невыпадкова на гербе нашай рэспублікі хлебныя каласы. Яны – увасабленне мірнай стваральнай працы. Спрадвеку людзі сустракалі дарагіх гасцей хлебам-соллю. Гэта добрая традыцыя жыве і ў наш час. Збожжам, мукой, пернікамі і печывам абсыпаюць жаніха і нявесту.
Адзін з герояў пісьменніка Міхася Аляксеева сказаў: «Хлеб гэта назоўнік, а ўвесь астатні прадукт — прыметнік». Ды ці можна ацаніць ролю хлеба ў нашым жыцці? Мы часта не заўважаем яго, як паветра, якім дыхаем, як ваду, якую п'ем, як зямлю, па якой ходзім і на якой жывем. Але хлеб, як і паветра, і вада, і зямля заўсёды з намі. Аб хлебе можна казаць да бясконцасці, як аб самім жыцці. Бо хлеб, гэта і ёсць жыццё.
І клопат пра хлеб надзённы заўсёды быў і будзе галоўным клопатам людзей.